АБАРОНА ДЫПЛОМНЫХ РАБОТ НА МАСТАЦКІМ ФАКУЛЬТЭЦЕ ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ “БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ АКАДЭМІЯ МАСТАЦТВАЎ”
24 і 25 чэрвеня 2021 года адбылася абарона дыпломных работ выпускнікоў мастацкага факультэта ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў” (БДАМ).
Мастацкі факультэт БДАМ займае адно з вядучых месцаў у айчыннай культуры, працягвае традыцыі школы выяўленчага мастацтва Беларусі і ажыццяўляе пошукі новых творчых шляхоў. З восені 2017 года факультэт узначальвае мастак-жывапісец, кандыдат мастацтвазнаўства Ганна Уладзіміраўна Конанава. Кожная з пяці кафедраў факультэта (малюнка, жывапісу, скульптуры, графікі, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва), кожны накірунак спецыяльнасці – гэта асобная творча-педагагічная “майстэрня” з унікальнымі дасягненнямі. Кафедрамі загадваюць шырока прызнаныя прафесіяналы Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Масленікаў, Уладзімір Слабодчыкаў, Юрый Хілько, Уладзімір Зінкевіч (адпаведна пераліку кафедраў). Абарона дыпломных праектаў на мастацкім факультэце – гэта выбітная з’ява ў мастацкім жыцці краіны. Члены дзяржаўных экзаменацыйных камісій і рэцэнзенты дыпломных работ штогод адзначаюць высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі маладых мастакоў, якія працуюць у традыцыйных і сучасных тэхніках.
Тэматыка дыпломных твораў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва сканцэнтравана на павышэнні гісторыка-мастацкай каштоўнасці будынка Акадэміі, стварэнні спецыялізаванай натхняльнай атмасферы для вучобы і працы, на ўзвышэнні іміджу беларускай Акадэміі мастацтваў на Радзіме і ў замежжы. Беларуская школа манументальна-дэкаратыўнага мастацтва мае багатую гісторыю і працягвае актыўна развівацца, дзякуючы высокаму прафесійнаму ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў. Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Уладзіміра Зінкевіча ў 2021 годзе кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва выпускае пяць таленавітых мастакоў.
Ягор Руткоўскі і Дар’я Гацко працягнулі афармленне інтэр’еру вучэбнага тэатра студыі імя Е.Міровіча. Іх сумесны праект “Палёт” дапаўняе тэму і агульную канцэпцыю, закладзеную раней выпускніцай БДАМ 2019 года Карынай Шайтар. Агульнай ідэяй ляўкасных пано стала прыгажосць флоры і фаўны Беларусі. Дэкаратыўнае пано “Срэбра” для фае 5-га паверха галоўнага корпуса БДАМ Надзеі Пахомавай выканана ў тэхніцы ляўкаснага жывапісу, гарманічна з архітэктурным асяроддзем.
Асобна трэба адзначыць творчы праект Ганны Плотнікавай і Марыі Кручковай “Нараджэнне святла” – гэта мастацкае афармленне трох памяшканняў Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва – (ГИТИСа) у Маскве. Праект распавядае гісторыю пра ўзнікненне нябесных целаў і зараджэнне жыцця, супрацьпастаўленне ценю і святла. Манументальна-дэкаратыўныя пано выкананы ў змешанай тэхніцы з эпаксіднай смалы, натуральнага каменя, смальты, металу, шкла і керамікі ў спалучэнні з роспісам. У склад пано ўваходзяць 48 мазаік рознага памеру, 23 дэкаратыўных элемента з эпаксіднай смалы з пігментамі, рэльеф з люстэрка.
Ідэя аб мастацкім афармленні інтэр’ераў Расійскага тэатральнага інстытута беларускімі студэнтамі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ўзнікла падчас візіта рэктара Грыгорыя Заслаўскага у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у Мінску, дзе рэктар пазнаёміўся з дыпломнымі праектамі таленавітых выпускнікоў кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Высокі прафесійны ўзровень выканання творчых работ зрабілі моцнае ўражанне. Так, у межах пагаднення аб супрацоўніцтве было прынята рашэнне аб рэалізацыі праекта “Нараджэнне святла”.
Сярод скульптурных кампазіцый 2021 года трэба адзначыць актуальную сёння тэму “Палын-Зорка”, вырашаную Аляксеем Аксёнавым у памяць 35 годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС; творы высокай мастацкай выразнасці “Эмоцыі” Галіны Блангарэнка, “Адлюстраванне” Таццяны Локцік, “Раўнавага камунікацый” Яўгенія Маглыша, “Сучаснікі” Елізаветы Розенберг. Кафедра жывапісу прадставіла серыю твораў-прысвячэнняў Радзіме, вобраз якой атаясамліваецца ў кожным творы са сваёй тэмай-сімвалам: кампазіцыі “Мінулае і сучаснасць” Ганны Садоўскай, “Легенда возера Нарач” Ніны Рыбаковай, “Гродна” Марыянны Бандарчук. Выпускнікі спецыяльнасці “Графіка” звяртаюцца да тэмы беларускай гісторыі – серыя лінагравюр “Вытокі” Аляксандры Перадзэ, серыя літаграфій “Яднанне” Марыі Станкевіч і інш.
Старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі мастацкага факультэта БДАМ у 2021 годзе – народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Іван Міско. Сярод членаў ДЭК – рэктар БДАМ, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Міхаіл Баразна; Дырэктар ДУ “Музей гісторыі горада Мінска” Галіна Ладзісава; старшыня ГА “Беларускі саюз мастакоў”, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Глеб Отчык; эксперт-мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік ДУ “Навукова практычны цэнтр Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь”, кандыдат мастацтвазнаўства Ірына Скварцова; загадчыкі кафедраў мастацкага факультэта.
Куратарамі дыпломных праектаў 2021 года выступаюць шырока вядомыя ў краіне і свеце асобы: заслужаныя, адзначаныя высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі мастакі, прафесарска-выкладчыцкі склад мастацкага факультэта, сярод якіх Уладзімір Зінкевіч, Уладзімір Слабодчыкаў, Аляксандар Фінскі, Канстанцін Касцючэнка, Сяргей Логвін, Юрый Хілько, Валерый Слаук, Уладзімір Масленікаў, Віталь Герасімаў, Антон Вырва, Юрый Крупянкоў і інш.
ФОТАЗДЫМКІ працэсу абароны па спецыяльнасці “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва” – Віталія Піваварчыка.